Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Сімяон Полацкі як педагог і пісьменнік для дзяцей

Дата: 12 марта 2019 в 09:15
1 046 просмотров

Сёлета святкуецца 390-годдзе з дня нараджэння аднаго з самых вядомых беларускіх асветнікаў ХVІІ ст. – Самуіла Гаўрылавіча Пятроўскага-Сітняновіча, больш вядомага як Сімяона Полацкага.

Ён нарадзіўся 12 снежня 1629 года ў заможнай сям’і полацкага купца. Атрымаў пачатковую адукацыю ў брацкай школе пры Багаяўленскім манастыры ў Полацку. На працягу сямі гадоў вучыўся ў Кіева-Магілянскай Акадэміі, якую скончыў у 1653 годзе з дыпломам «дыдаскала» (настаўніка). На працягу двух гадоў вучыўся ў Віленскай акадэміі.

У чэрвені 1656 года быў пастрыжаны ў манахі ў полацкім Богаяўленскім манастыры, дзе на працягу васьмі гадоў выкладаў у брацкай школе. Адначасова з тым займаўся прыгожым пісьменствам, прычым ён карыстаўся як кірыліцай, так і лацінкай. Свае творы падпісваў Simeonis Piotrowskj Sitnianowicz hieromonachi Polocensis Ordinis Sancti Basilii Magni. Пазней у прадмове да «Рыфмалагіёна» адзначаў:

Писах в начале по языку тому,

   Иже свойственный бе моему дому.

Таже увидев многу пользу бытии

   Славенску ся чистому учити.

Взях грамматику, прилежох читати,

   Бог же удобно даде ю ми знати.

З імем Сімяона Полацкага звязана зараджэнне беларускай (ды і рускай) дзіцячай паэзіі, нараджэнню якой спрыяла актыўная педагагічная дзейнасць нашага земляка. Самыя раннія яго творы напісаны на старабеларускай, старапольскай і лацінскай мовах. Большасць яго польскамоўных і лацінамоўных вершаў з’яўляюцца ўзорам «школьнай паэзіі» – выклад навуковых ведаў сілабічным вершам.

Падчас сваёй педагагічнай дзейнасці ў Полацку малады настаўнік выпрацоўвае сваю педагагічную сістэму і актыўна эксперыментуе. Напрыклад, ён даваў вучням заданне складаць вершы на выпадкі грамадскіх і царкоўных урачыстасцяў. Сам Сімяон таксама піша панегірыкі для публічнага выканання вучнямі (напрыклад, вершы для чытання 12 выхаванцамі з нагоды прыезду цара). Падобная форма дэкламацыі і сёння выкарыстоўваецца ў сучаснай школе. Літаратурны мантаж развівае маўленне, памяць, крэатыўнасць. Наогул, выкладчык шырока выкарыстоўваў вершаваную форму падачы вучэбнага матэрыялу, бо лічыў яе найбольш зручнай для засваення розных ведаў.

У 1664 годзе па запрашэнні рускага цара Аляксея Міхайлавіча Сімяон Полацкі пераехаў у Маскву. Там, па сведчанні сучаснікаў, ён быў і «міністрам культуры», і «міністрам адукацыі», які сам «загадваў і сам жа выконваў загады». У трактаце «Абвяржэнне чалабітнай папа Мікіты» была прапанавана ўнікальная асветніцкая праграма, якая прадугледжвала масавае адкрыццё на Русі школ.

У 1667 годзе яго прызначылі настаўнікам 12 царскіх дзяцей (у тым ліку царэўна Соф’я і будучы расійскі імператар Пётр І). На абедах яго нярэдка садзілі на ганаровым месцы недалёка ад цара Аляксея Міхайлавіча. Прыхільныя адносіны цара да вучонага беларуса, апякунства з боку ўплывовага дарадцы па царкоўных справах Паісія Лігарыда і іншых царкоўных іерархаў садзейнічалі таму, што Сімяон атрымаў магчымасць прыходзіць да цара з вершаванымі віншаваннямі. Так, да дня нараджэння царэвіча Сімяона ён паднёс цару «Благоприветствование», напісанае ў выглядзе крыжа і васьміканцовай зоркі.

У Маскве яму ўдалося ажыццявіць сваю даўнюю мару – заснаваць пры царскім двары т. зв. «Верхнюю друкарню», незалежную ад патрыяршай цэнзуры. Сярод першых надрукаваных тут кніг быў «Букварь языка словенска». За 16 гадоў жыцця ў Маскве ён падрыхтаваў да друку 14 кніг, палова з якіх прызначалася для дзіцячага чытання.

Сімяон Полацкі стварыў арыгінальную педагагічную сістэму. Лічыў, што выхаванне трэба пачынаць як мага раней, бо чалавек нараджаецца, як чыстая дошка, а «учитель что хощет написати может». Дзіцячую душу параўноўваў з мяккім воскам, якому можна надаць абсалютна любую форму, але, калі становіцца цвёрдым, назаўсёды захоўвае набытае. Галоўны сродак выхавання – уласны прыклад бацькоў і настаўнікаў, якія даюць мадэлі паводзін у розных сітуацыях. І найперш бацькі (незалежна ад сацыяльнай прыналежнасці) павінны даваць узор фізічнай і разумовай працы:

Не возленися трудов положити,

Имат бо тебе польза многа быти.

Аще ся видят досадно труждати,

Но сладко плоды трудов собирати…

Тыя ж, хто не працуе, на думку Сімяона Полацкага, павінны быць выгнаны, бо і пчолы выкідваюць трутняў з вулляў сваіх.

Шмат дыдактычных вершаў прысвечаны пытанням эстэтычнага выхавання. Так, у вершы «Прыгажосць» чытаем:

Аще тя красота лиц чуждых прелщает,

   помяни, какова по смерти бывает...

Риза шелковая аще ти любися,

   помни, шелк из червя скаредна родится...

Не шелком и златом каждо красен буди,

   Но добродетели: ублажат тя люди...

Тленно благо красота, недолго блистает,

   в един час огневица ону истребляет.

Многим красота лица погибель родила,

   купно души с плотию смертно повредила.

Адрозніваючы вонкавую матэрыяльную красу і духоўную прыгажосць, асветнік звяртаўся да сваіх вучняў і чытачоў:

Зря во зерцало, ащекрасна тебе зриши,

   точне дела красная в мире да твориши:

Красная бо прекрасным дела подобляют,

   скаредная же душу и плоть погубляют

Аще паки не красно лице ти узриши,

   ту красотою нравов скудность да полниши.

Тако красен будеши. И во красном небе

   красота превечная даруется тебе.

Сімяон Полацкі з’яўляецца аўтарам буквара 1667 года, які быў перавыдадзены ў 1669 годзе. Выдатным педагагічным творам XVII ст. з’яўляецца прадмова да гэтай кнігі.

У буквары 1679 года змешчаны цікавыя ўзоры паэзіі для дзяцей – вершы «Ушчуванне» і «Прадмова для юнакоў, якія хочуць вучыцца», дзе расказваецца пра карысць навукі для чалавека.

Галоўнымі паэтычнымі кнігамі Сімяона Полацкага лічацца «Рыфмалагіён» (1308 старонак вялікага фармату) і «Вертаград шматколерны» (1316 старонак). Гэтыя зборнікі прызначаліся «в пользу юных и старых» для навучання ў адпаведнасці з узростам. Тут у даступнай для дзяцей форме расказвалася пра прыроду, мінералы, жывёл, расліны, гісторыю, антычную міфалогію, соцыум, касмалогію, тэалогію, мараль і хрысціянскую сімволіку («Чарадзейства», «Леў», «Дзень і ноч», «Пахаванне», «Старасць», «Жаніцьба», «Жонка», «Удоўства», «Манах» і інш.).

Шмат увагі асветнік надаваў выхаваўчай ролі тэатра, што выглядала незвычайна ў Маскве, але было нормай у еўрапейскіх краінах, дзе ён сам атрымаў адукацыю.

Усё жыццё Сімяон Полацкі імкнуўся развіваць народную асвету паводле еўрапейскага школьна-ўніверсітэцкага метаду. За год да свайго адыходу ў вечнасць ён распрацаваў праект вышэйшай школы на ўзор Кіева-Магілянскай – Акадэмічную прывілею (Устаноўчую грамату). У будучай акадэміі меркавалася весці падрыхтоўку адукаваных людзей для далейшай працы на розных дзяржаўных і царкоўных пасадах. Тут павінны былі навучаць славянскай, грэчаскай, лацінскай, польскай мовам, «сямі вольным мастацтвам» і багаслоўю. Сімяон Полацкі прадугледжваў своеасаблівую ўніверсітэцкую аўтаномію, бо настаўнікі і вучні павінны былі падпарадкоўвацца толькі рэктару і патрыярху, а не звычайным судовым інстанцыям. Навучанне планавалася быць бясплатным, навучэнцы павінны атрымліваць стыпендыі, а састарэлыя настаўнікі – пенсіі. Дзякуючы гэтай рабоце ў 1687 годзе расчыніла свае дзверы Славяна-грэка-лацінская акадэмія, з якой выйшлі Міхаіл Ламаносаў, Анціох Канцямір, Фёдар Волкаў, Лявонцій Магніцкі і шэраг іншых вучоных, мастакоў, асветнікаў.

Сімяона Полацкага не стала 25 жніўня 1680 года, ён пахаваны ў Заіконаспаскім манастыры ў Маскве. Настаўнік па роду сваёй дзейнасці, геніяльны паэт свайго часу, слаўны сын Полацка ўнёс значны ўклад у развіццё педагагічнай навукі і літаратуры.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.